ТУРКМЕ́НСКАЯ МО́ВА адна з цюркскіх моў

(агузская група). Мова туркменаў, афіц. мова Туркменістана. Пашырана таксама ў Расіі, Узбекістане, Таджыкістане, Казахстане, Іране, Афганістане, Турцыі, Іраку. Мае дыялекты: тэкінскі (аснова літ. мовы),

ёмудскі, эрсарынскі, салырскі, сарыкскі, чаўдурскі. Т.м. ўласцівы: у фанетыцы — сінгарманізм з гармоніяй губных і з першаснымі доўгімі галоснымі, наяўнасць міжзубных гукаў «з» і «с», націск пераважна на апошнім складзе; у марфалогіі — аглюцінацыя, адрозненні ад інш. цюркскіх моў у сістэме дзеяслоўнага спражэння ў цяперашне-будучым часе. Старая літ. Т.м. была пераважна мовай паэзіі. Сучасная літ. мова сфарміравалася ў 1920-я г. Пісьменства да 1928 на аснове арабскага алфавіта, пазней — лацінкі, з 1940 на аснове рус. графікі, з 1997 на аснове лацінкі.

Літ.:

Баскаков Н.А. К истории изучения туркменского языка. Ашхабад, 1965;

Грамматика туркменского языка. Ч. 1. Фонетика и морфология. Ашхабад, 1970.

А.​А.​Кожынава.

т. 16, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)